Калекцыі Музея баявой славы

Калекцыі Музея баявой славы ўваходзяць у музейны збор Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і складаюць некалькі тысяч музейных прадметаў.

Фарміраванне калекцый, якія склалі аснову экспазіцыі музея, пачалося ў 1948 годзе з аднаўленнем дзейнасці Краязнаўчага музея ў Полацку. Сярод першых сабраных прадметаў былі ўзоры трафейнай зброі, самаробная зброя партызан, фотаздымкі байцоў і афіцэраў Чырвонай арміі – ураджэнцаў Полатчыны, фотаздымкі ўдзельнікаў аперацыі па вызваленні горада, карціны, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны.

Наступны этап у развіцці калекцый быў звязаны з адкрыццём Музея баявой славы як аддзела Краязнаўчага музея ў парку імя 50-годдзя савецкай улады ў 1971 годзе. Вялікі ўклад у камплектаванне калекцый і стварэнне экспазіцыі музея ўнеслі навуковыя супрацоўнікі – Вольга Іванаўна Траццякова і Васіль Андрэевіч Купрыянаў.

Значная частка музейных прадметаў, якая сёння складае аснову профільных калекцый, была перададзена ў музей удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны – вызваліцелямі Полацка, былымі партызанамі, а таксама іх сваякамі. Сярод прадметаў − ваенныя рэліквіі з сямейных архіваў, дакументы, дзённікі, фотаматэрыялы. Многія прадметы былі перададзеныя ў дар дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі.

Сёння музей працягвае камплектаваць калекцыі музейных прадметаў і навукова-дапаможных матэрыялаў па тэме Вялікай Айчыннай вайны. Падчас навукова-даследчай працы супрацоўнікі музея папаўняюць збор знаходкамі з экспедыцый, архіваў, аўкцыёнаў.

Музей таксама прымае ў дар прадметы часоў Вялікай Айчыннай вайны. Калі ў вас захаваліся асабістыя рэчы, дакументы і фатаграфіі вашых дзядоў і прадзедаў, якія прайшлі  дарогамі вайны − прыносьце іх у музей! У музеі баявой славы гэтыя сведчанні мінулай эпохі здабудуць новае жыццё ў якасці музейных экспанатаў. А вы занясеце свой уклад у захаванне памяці пра нашых продкаў, якія адстаялі гонар і незалежнасць Радзімы ў Вялікай Айчыннай вайне!

У экспазіцыі Музея баявой славы прадстаўлены музейныя прадметы з калекцый: фотадакументы, дакументы, фалерыстыка, рукапісы, друкаваныя выданні, ваенная амуніцыя, адзенне, зброя і боепрыпасы.