Гісторыя музея

Музей баявой славы быў адкрыты ў 1971 годзе як адзін з аддзелаў Полацкага краязнаўчага музея. Значны ўклад у стварэнне музея, праектаванне экспазіцыі і камплектаванне профільных калекцый унеслі навуковыя супрацоўнікі музея – Вольга Іванаўна Траццякова і Васіль Андрэевіч Купрыянаў.

Доўгі час месца, дзе сёння размяшчаецца музей, палачане называлі "батарэя". Такая назва з'явілася не выпадкова - падчас вайны 1812 года, савецка-польскай вайны і Вялікай Айчыннай вайны тут размяшчаліся пазіцыі артылерыстаў. 3 ліпеня 1966 года на гэтым месцы быў урачыста адкрыты мемарыяльны комплекс "Курган Бессмяротнасці" як сімвал памяці аб воінах-абаронцах і вызваліцелях старажытнага беларускага горада, аб партызанах і мірных жыхарах, якія загінулі на тэрыторыі Палатчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў. 2 ліпеня 1967 года тут быў адкрыты парк імя 50-годдзя Савецкай улады. На адной з дарожак парку быў усталяваны помнік "Клятва партызан", аўтарам якога быў балгарскі скульптар В. Валеў.

У 1981 годзе музей быў зачынены на рээкспазіцыю, тады ж была праведзена рэканструкцыя будынка. 7 мая 1985 года, напярэдадні святкавання 40-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, музей быў зноў адкрыты для палачан і гасцей горада. Навуковая канцэпцыя новай экспазіцыі была распрацавана навуковымі супрацоўнікамі Вольгай Іванаўнай Траццяковай і Эмануілам Міхайлавічам Хазіным. Аўтарамі мастацкага рашэння экспазіцыі сталі мастакі Дзмітрый Харытонавіч Гліва і Генадзь Пятровіч Івакін.

З 2001 года Музей баявой славы – філіял Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея запаведніка.

У Музея баявой славы ёсць два філіялы – Музей-кватэра Героя Савецкага Саюза Зінаіды Міхайлаўны Тусналобавай-Марчанка і Гісторыка-культурны комплекс «Поле ратнай славы». Адкрыты ў 1987 годзе, Музей-кватэра Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка расказвае аб жыццёвым і баявым шляху нашай зямлячкі, санінструктара стралковай роты, якая выратавала жыццё дзясяткам салдат і афіцэраў Чырвонай арміі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Створаны ў 2006 годзе гісторыка – культурны комплекс «Поле ратнай славы» прысвечаны гісторыі Полацкага ўмацаванага раёна - сістэмы ўмацаванняў, вядомай як «Лінія Сталіна».

Штогод Музей баявой славы рыхтуе для наведвальнікаў часовыя экспазіцыі, якія дапаўняюць і пашыраюць уяўленні аб укладзе палачан у Вялікую Перамогу, раскрываюць новыя старонкі мінулай вайны.